:

Правілы знаходжання ў Рэспубліцы Таджыкістан

Для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўязджаюць у Рэспубліку Таджыкістан тэрмінам да 90 дзён, афармленне ўязной візы не патрабуецца.

Дадатковыя нюансы, на якія варта звярнуць увагу:

- Пры ўездзе ў Таджыкістан на тэрмін больш за 10 дзён (у аэрапорце альбо наземным пункце пропуску праз мяжу) неабходна запоўніць бланк міграцыйнай карты. Праверце, каб таджыкскi памежнік паставіў штамп аб уездзе ў краіну.

Грамадзяне Беларусі, якія прыбываюць у Таджыкістан на тэрмін звыш 10 каляндарных дзён, не пазней трэцяга працоўнага дня з моманту прыбыцця ў краіну, павінны зарэгістравацца ў Пашпартна-рэгістрацыйнай службе Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Таджыкістан (напрыклад у адным з пунктаў службы па адрасу: г. Душанбэ: вул. Н.Карабаева 36/3, тэл.: +992 37 233 86 86) або ў гасцініцы.

Кошт аплаты за паслугі рэгістрацыі залежыць ад працягласці знаходжання ў Таджыкістане.

Пры выездзе з краіны таджыкскія памежнікі правяраюць у ад'язджаючых замежных грамадян наяўнасць запоўненых міграцыйных карт, а таксама талонаў аб рэгістрацыі знаходжання ў Таджыкістане, у выпадку знаходжання ў краіне больш за 10 каляндарных дзён. Адсутнасць заверанай міграцыйнай карты і / альбо талона аб рэгістрацыі можа пацягнуць за сабой вялікі штраф ці дэпартацыю.

Для ўезду ў Горна-Бадахшанскую аўтаномную вобласць (ГБАВ) Таджыкістана (Памір), а таксама некаторыя іншыя раёны неабходны дадатковы дазвол, якi можна атрымаць у АВІРы г.Душанбэ вул.Турсунзаде, 5. Афармленне дазволу на ўезд у ГБАВ займае 1 працоўны дзень.

У выпадку, калі вы плануеце падчас знаходжання ў Таджыкістане паходы ў горы абавязкова неабходна набыць паўнавартасную медыцынскую страхоўку, у тым ліку якая прадугледжвае медэвакуацыю ў Беларусь. 

Несанкцыянаваны вываз з Таджыкістана кавалкаў горных парод, каштоўных і паўкаштоўных камянёў — забаронены. Для вывазу вырабаў з названых матэрыялаў або прадметаў мастацтва (напрыклад, карцін) патрэбны сертыфікат. Гэты дакумент (па патрабаванні пакупніка) выдае крама пры аплаце тавару.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці